Расписание движения транспорта в Бресте Афиша Бреста
 

 

 
16
июль 2014

Velcom правёў у Брэсце Велаакадэмію

 

Яўген БЯЛАСІН

Усебеларуская акцыя мабільнага аператара мае назоў VELOCITY.

Брэст стаў пятым, дзе прайшлі сесіі Акадэміі VELOCITY. Паводле словаў брэсцкай менеджаркі Акадэміі, да гэтага каля 600 чалавек атрымалі сімвалічныя веласіпедныя правы Акадэміі ў Мінску, Гомелі, Магілёве і Віцебску. Усяго “абітурыентаў” было больш за 700.

 

 

Каб атрымаць такі дакумент, які выправілі аўтару, трэба праехаць на прадастаўленым  Акадэміяй жоўтым веласіпедзе беларускай вытворчасці некалькі “станцый” і выканаць патрабаванні разметкі і інструктара, падпалкоўніка Юрыя Краснова.

 

 

Таксама ёсць  дзве кропкі, дзе  інструктар і кампутар правераць  вашы тэарэтычныя веды. Вам будзе прапанавана апазнаць дарожныя знакі і адказаць на 10 пытанняў з Правілаў дарожнага руху.

Брэсцкая сесія Акадэміі  VELOCITY прайшла ў суботу 12 ліпеня каля Палаца спорта “Вікторыя”.

 

 

Напачатку атэставалі блізу дзясятка мясцовых журналістаў, якіх традыцыйна злёгку падкупілі невялікімі падарункамі. 

Таксама яны пагадзіліся рызыкнуць у латэрэі. Выйграць можна было беларускі веласіпед. Дарэчы, нечакана ён дастаўся ... прадстаўніку БРСМ.  Менавіта ягоны нумар выпадкова выцягнулі з барабана. Як патлумачылі арганізатары, гэтая арганізацыя прадаставіла для рэкламы акцыі свой сайт і тым самым атрымала правы прэсы.

Паколькі перыядычна накрапвала, гараджанаў прыйшло няшмат. Акцыя стала карыснай для некалькіх дзясяткаў дзяцей і падлеткаў.

 

 

Нельга не адзначыць вельмі ўдалы назоў акцыі. Ён насамрэч падтрымлівае брэнд Velcom на некалькіх узроўнях. “Velocity” ў перакладзе з англійскай мовы абазначае «хуткасць», а ў нас, не носьбітаў англійскай мовы,  выклікае дадатковую  станоўчую  асацыяцыю “горад, дзе пануе веласіпед” ( “вела”+ “city”, “горад”).

Як удалося даведацца, Velcom даручыў правядзенне  сваёй акцыі аднаму з мінскіх рэкламных агенцтваў. Тое наняло каманду – каля двух дзясяткаў валанцёраў і менеджэраў, збольшага  студэнтак  мінскіх ВНУ.

Варта было б ім наняць хоць аднаго студэнта “з рукамі”, – велікі для квэста былі не вельмі. Без пытанняў толькі тармазы.  Па ходу памяняў два ровары. У аднаго амаль адваліўся правы шатун, у другога  жыў самастойным жыццём руль.  Гэта было неадэкватна распісцы  аб уласнай адказнасці за ўсё, што здарыцца на трасе, якую (прадбачліва?) ўзялі  з мяне арганізатары.

 

 

Прыцягнула (або адцягнула?) ўвагу піяр-кампанія на суседняй пляцоўцы. Там пад гучную музыку гулялі стрытбалісты, стаялі эмблемы “Белавія”, БРСМ і... легкавік з гіганцкай пляшкай энергетычнага напою.

Велаакадэмікі  патлумачылі, што да іх энерджайзеры  не маюць дачынення, – “проста мы працуем паралельна”. Ці быў ад гэтага кумулятыўны эфект, ці, наадварот, эфект узаемнага аслаблення – пытанне вялікае.

Пашкадую, што Акадэмія апынулася адарванай ад нашага мясцовага болю – адстунасці  на цэнтральных  брэсцкіх накірунках руху такіх веладарожак, якія ўсталяваныя скрозь у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе і нават, ужо, у Мінску.

Не было заўважана каля палаца “Вікторыя”  нікога з мясцовых чыноўнікаў і тутэйшых прадстаўнікоў Дзяржаўтаінспекцыі, каму можна было б пра веласіпедную інфраструктуру нагадаць яшчэ раз.

Ці пераважаюць пазітывы? Гэта вырашаць самой Telecom Austria Group, уладальніку беларускага аператара Velcom.  

Назаву яшчэ некалькі гэтых пазітываў. Летась у Брэсце былі ўстаноўленыя велапаркоўкі Velcom, у прыватнасці ў Брэсцкай крэпасці, наўзамен  саматужных, вырабленых з крамных прадуктовых кантэйнераў (агулам у Беларусі ўсталявалі 75 велапарковак, сёлета абяцаюць яшчэ 55). 

“Падчытаць” правілы язды на веласіпедзе, атрымаць карысныя падказкі, падрыхтавацца да здачы экзамена на “велаправы” можна онлайн, набраўшы http://velocity.velcom.by.

Тамсама можна даведацца і пра наступныя даты і месцы заняткаў у Акадэміі VELOCITY. Праект плануецца працягваць сёлета да кастрычніка і налета.

 

Фота аўтара.